Шырын Эбадзі вылучае Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію міру

[глядзець фота да артыкула]

Пра рашэнне Шырын Эбадзі вылучыць Бяляцкага стала вядома з крыніц у Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека. Шырын Эбадзі — іранская адвакатка, якая атрымала ўзнагароду ў 2003 годзе.

Эбадзі паведаміла, што дасылае свой намінацыйны ліст у Осла экспрэс-поштай. Тэрмін вылучэння сканчаецца 31 студзеня.

Зняволенне Алеся Бяляцкага выклікала незраўнаную хвалю салідарнасці з беларускім народам у розных краінах свету.

Бяляцкі збіраў грошы на дапамогу рэпрэсаваным і ахвярам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Беларускія ўлады здабылі праз органы юстыцыі Літвы і Польшчы нумары ягоных рахункаў і пасадзілі яго ў турму, звінаваціўшы ў нясплаце падаткаў.
Бяляцкі заслужыў вядомасць і павагу ў 1980-я гады як адзін з пачынальнікаў руху за незалежнасць Беларусі.
На пачатку 90-х ён быў абраны дэпутатам Мінскага гарсавета. Пры канцы 1990-х ён адышоў ад палітыкі і стаў займацца дапамогай пацярпелым. Праваабаронцы-вясноўцы прыходзілі з дапамогай да ўсіх няправедна асуджаным, незалежна ад іх палітычных поглядаў.

Дагэтуль грамадзяне Беларусі Нобелеўскіх прэмій не атрымлівалі.


Мікола Бугай [23:45, 26 студзеня 2012]

[чытаць каменты (5) ці каментаваць]